ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ЭФЕКТЫ́ЎНАСЦЬ,
станоўчы вынік эканам. дзейнасці эканам. праграм і мерапрыемстваў, які характарызуецца суадносінамі атрыманага эканам. эфекту да затрат фактараў і рэсурсаў, што абумовілі яго атрыманне. У залежнасці ад спосабаў, узроўню і мэтавага прызначэння эканам. ацэнкі, аб’ёму ўлічаных вынікаў і затрат адрозніваюць Э.э.: народнагаспадарчую, якая вызначаецца суадносінамі выніку да затрат у маштабе нац. гаспадаркі і ў паказчыках яго функцыянавання; гаспадарча-разліковую — у маштабах эканам. галін, прадпрыемства, якая вызначаецца суадносінамі прыросту да прыбытку, зніжэння сабекошту і інш. паказчыкаў да затрат, што пацягнулі гэты вынік; прыроставую, якая характарызуецца суадносінамі прыросту за разліковы перыяд да прыросту затрат, што яго выклікалі; абсалютную (агульную), якая дазваляе разлічыць агульную велічыню эфекту (прырост нац. даходу, чыстай прадукцыі), параўнальную, праектную (якая чакаецца) і фактычную. Вылучаюць таксама Э.э. вытворчасці, размеркавання, знешняга гандлю, выдаткавання, інвестыцый, інвестыцыйных праектаў, крэдытавання, матэрыяльных рэсурсаў і інш. Э.э. вытв-сці характарызуецца паказчыкамі: якаснымі — прапарцыянальнасць, цыклічнасць, збалансаванасць і інш.; колькаснымі — вытв-сць працы, фондаёмістасць (фондааддача), матэрыялаёмістасць, даходнасць вытв-сці, эфектыўнасць інвестыцый, працаёмкасць, павышэнне якасці прадукцыі, рэнтабельнасць вытв-сці. Павышэнню Э.э. садзейнічаюць навук.-тэхн., арганізацыйна-эканам., сац.-псіхал., знешнеэканам. і інш. фактары.
Г.А.Шмарлоўская.
т. 18, кн. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)